barysau.by
НБРБ USD EUR RUB
22.05 -0.2%8230 -1.1%10510 -1%264
19.05 -0.5%8210 -0.1%10400 0.9%261.5
18.05 0%8170 -0.2%10390 0%264
Лагін:
Пароль:
 
рэгістрацыя карыстальніка
аднаўленне пароля
bel

Карысная інфармацыя

Барысаўскі філіял “партыі” чыноўнікаў і ідэолагаў: а ў нас усё ок (+ 9 фота)
19.02.2012 12:07, нядзеля, Палітыка
прагляды: 218, каментары: 1, рэйтынг: 2.351

Барысаўскі філіял “партыі” чыноўнікаў і ідэолагаў: а ў нас усё ок (+ 9 фота)

У пятніцу, 17 лютага, барысаўскі раённы філіял лукашэнкаўскай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” абмеркаваў вынікі сваёй дзейнасці за 2011 год і набудаваў планаў на 2012. РГА “Белая Русь” з’яўляецца “без пяці хвілінаў” партыяй, пабудаванай на ўзор былой КПСС. Кіруюць ёй чыноўнікі, штатныя ідэолагі і набліжаныя да іх асобы.

Месца ў прэзідыюме за сабой забраніравалі тры найбольш актыўныя “беларусцы” Барысаўшчыны – намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко, начальнік упраўлення сельскай гаспдаракі і харчавання райвыканкама Ігар Брыло, а таксама шматразовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Барысава Віктар Гумінскі.

У залі ж размясціліся “беларусцы” ніжэйшага статусу. Сярод іх былі заўважныя, напрыклад, былы начальнік Барысаўскага раённага аддзела адукацыі, актывіст ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі ў 2010 годзе таварыш Зелянкевіч і былы зампаліт, а цяпер ідэолаг БДПК таварыш Настачэнка.

Знаёмыя твары, ці не праўда?

З вялікім замілаваннем барысаўскія “беларусцы” праглядзелі выступленне агітбрыгады “Мы разам”, укамплектаванай вучнямі і настаўнікамі СШ №24, а таксама дружна папляскалі ў далоні ад задавальнення, даведаўшыся пра тое, што барысаўскія “пярвічкі” нарэшце пастаўленыя на ўлік у Барысаўскім райвыканкаме.

Чым, аказваецца, барысаўскія “беларусцы” толькі не займаліся ў мінулым годзе! Як высветлілася, яны, між іншым, вырашалі дэмаграфічную праблему і забяспечвалі бяспеку на дарогах Барысаўшчыны. Ну і, канешне ж, прышчаплялі сервільны варыянт патрыятызма барысаўскай моладзі.

Асаблівую падзяку мясцовыя “беларусцы” выказалі на адрас райвыканкамаўскай газеты “Адзінства”, якая ўвесь мінулы год не саромелася аддаваць ільвіныя плошчы свайго друкаванага выдання прапагандзе ідэяў гэтай пакуль яшчэ нібыта грамадскай арганізацыі.

З палымянымі прамовамі выступіла нямала штатных ідэолагаў, прымацаваных да разнастайных барысаўскіх прадпрыемстваў і установаў, а таксама іншых актывістаў. Так, адзін з кіраўнікоў “беларусцаў” на ААТ “БАТЭ” таварыш Марозаў расказаў як ён стараецца падвышаць на прадпрыемстве вытворчую дысцыпліну. Аднак ці расказаў ён прысутным “беларусцам”, чым былі выкліканы хваляванні сярод рабочых свайго прадпрыемства, нам, на жаль, невядома.

Заключнае слова дасталася, канешне ж, дэпутату Віктару Гумінскаму, які расказаў прысутным пра набалелае – пра тое, што патрэбна грамадскую арганізацыю “Белая Русь” пераўтвараць у палітычную партыю, але, на жаль, яшчэ не час. Баіцца былы палкоўнік-зампаліт, што ідэйнасці ў шэрагах “беларусцаў” яшчэ не хапае. Ну а дзе ёй узяцца, калі людзі занятыя вырашэннем асноўнай праблемы – выжываннем сваіх сем’яў ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу? Не да ідэалогіі людзям.

Дый не факт, што звычайныя бібліятэкары і настаўнікі, запісаныя для праформы ў грамадскую арганізацыю “Белая Русь”, з задавальненнем успрымуць факт трансфармацыі арганізацыі ў палітычную партыю. Зрэшты, што з нашых зацкаваных і абыякавых настаўнікаў узяць

Аддзел інфармацыі barysau.by паводле adzinstva.by

Месцы: