home



Маці барысаўскай дзяўчынкі: школа вывучыла сацсеткі і накіравала дачку да псіхіятра
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле Кацярыны Барысевіч, tut.by
kompyuternaya_bezopasnost_khaker_rtxxzvx Фота Reuters

Маму вучаніцы СШ № 24 Барысава, па яе словах, выклікалі на размову да дырэктара і параілі паказаць дачку псіхіятру. Аказалася, падчас вясновых канікул настаўнікі вывучылі анкеты дзяцей у сацыяльных сетках, праверылі, ці не знаходзяцца яны ў групе «сіні кіт» (так званыя групы смерці ў сацсетках). Мама сцвярджае: паводзіны 14-гадовай Ксеніі выклікалі трывогу, бо дзяўчынка носіць клецістыя спадніцы, любіць шаурму і на ўроках працы зрабіла арыгамі ў выглядзе матылькоў.

– Мая дачка падлетак і, так, любіць шаурму. Але што тут такога? Яшчэ адзін з довадаў, чаму дачку трэба паказаць псіхіятру, – яе кляцістыя спадніцы. Якая ж тут сувязь з «сінім кітом»? Я сама купляла гэтую вопратку дзіцяці, – Аксана, маці вучаніцы 8 класа, нават не спрабуе схаваць сваё абурэнне. – Успомнілі, што Ксюша на ўроках працы зрабіла пано, а на ім арыгамі ў выглядзе матылькоў. Настаўнік працы быў гэтым занепакоены, нібыта гэта адна з прыкмет гульні ў групах самагубцаў. Я была так агаломшаная, што прыбегла дадому, стала ўсё перачытваць па тэме, ніякай сувязі з «сінім кітом» не знайшла.

Ужо пасля размовы ў кабінеце дырэктара маме выдалі псіхолага-педагагічную характарыстыку на дачку. У ёй адзначалася, што Ксенія па характары халерык, у яе «высокая працаздольнасць, рухомасць, ініцыятыўнасць, схільная да рэзкіх зменаў настрою, але пры гэтым дэманструе некаторую рэзкасць, просталінейнасць, запальчывая аж да агрэсіі, але не злапомная». Класны кіраўнік лічыць дзяўчынку «незаменным памочнікам» на ўсіх мерапрыемствах.

Характарыстыка займае паўтары старонкі, толькі адзін сказ прысвечаны небяспечнай гульні: «Маніторынг асабістых старонак навучэнцаў ва “Укантакце” на прадмет знаходжання ў суіцыдальнай гульні паказаў, што ў Ксеніі ёсць маркеры, якія дазваляюць выказаць здагадку, што непаўнагадовая ўцягнутая ў гэтую гульню».

– Мяне абурыла, што ў характарыстыцы акрамя ўсяго іншага ёсць такі сказ: «Расце і выхоўваецца ў поўнай сям’і, аднак шлюб паміж бацькамі не зарэгістраваны». Мы з мужам разам 17 гадоў, у нас двое дзяцей, якая розніца: распісаны мы афіцыйна ці не? Што гэта мяняе? Пасля гутаркі мне далі мабільны тэлефон псіхіятра бальніцы, паказаўшы яго імя і прозвішча, нумар кабінета і час працы, але я не павяла дачку на прыём. На якой падставе? Замест лекара звярнулася ва ўпраўленне адукацыі з просьбай разабрацца ў тым, што здарылася, куратар нашай школы абяцаў ўсё высветліць. А тым часам класны кіраўнік патэлефанавала мне, спытала, чаму Ксенія не пайшла да псіхіятра, – працягвае распавядаць TUT.BY жыхарка Барысава Аксана.

Жанчына лічыць, што вакол «сіняга кіта» такі ажыятаж, што дзеці міжволі могуць зацікавіцца гэтымі групамі. У школе №24 Барысава не хаваюць: з дзецьмі сапраўды праводзіцца прафілактычная праца, але пракаментаваць канкрэтную сітуацыю з Ксеніяй не змаглі.

– Мы праводзім работу ў адпаведнасці з планам работы ўстановы адукацыі, як розныя мерапрыемствы, так і кансультаванне навучэнцаў і іх бацькоў. У нас няма дзяцей з схільнасцямі да групы «сіні кіт» і няма тых, хто знаходзіцца там у складзе, – каментуе TUT.BY в.а. дырэктара СШ № 24 Барысава Алена Уклейка.

– Дык на падставе чаго дзяцей адпраўляюць да псіхіятра?
– Дзіця не могуць туды адправіць, калі бацькі не хочуць. Асабіста я не раіла гэта рабіць ніводнаму з бацькоў, за іншых адказаць не магу.

Прадстаўнік школы пра Ксенію толькі сказала: «Дзяўчынка вучыцца, усё ў парадку». У псіханеўралагічным дыспансеры, дзе працуе той самы псіхіятр, адзначаюць: дзецям выдаюць не накірунак, а ўсяго толькі рэкамендацыі.

– Калі школа выяўляе, што ў дзіцяці ёсць кантакт з «сінім кітом», то вызначаюць, на якой гэта стадыі знаходзіцца, калі ёсць праблемы – запрашаюць бацькоў, тлумачаць сітуацыю і распавядаюць, што можа быць далей. Для першаснага наведвання псіхіятра заўсёды неабходная характарыстыка са школы, а бацька сам вырашае, ісці ці не, ніхто сілком не можа прымусіць яго гэта зрабіць. І паверце, не ўсіх мы хапаем, ставім на ўлік і адпраўляем на лячэнне. Гэта ўсяго толькі кансультацыя, – кажа Аляксандра Корзун, загадчыца псіханеўралагічнага дыспансэра горада Барысава.



Калі ласка, дайце нам вашыя каштоўныя каментары

Увайсці з дапамогай: 

Ваш e-mail не будет опубликован.

WP-SpamFree by Pole Position Marketing


Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.