home



У Барысаве судзяць слесараў за смерць шасцярых чалавек ад чаднага газу
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле Улада Швядовіча, nn.by

У судзе Барысаўскага раёна 5 студзеня пачалі разгляд справы аб гучнай трагедыі. Год таму дзве барысаўскія сям’і — агулам 6 чалавек, з іх двое дзяцей — загінулі ў сваіх кватэрах, атруціўшыся чадным газам.

Сёння на лаве падсудных двое слесараў «Барысаўгазу»: 45-гадовы Аляксандр Чысцякоў і 36-гадовы Аляксей Лукаш. Іх вінавацяць у прычыненні смерці па неасцярожнасці. Максімальнае пакаранне, якое пагражае мужчынам, — 5 гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпелымі па справе праходзяць сваякі загінулых. Сваякі адной сям’і — той, дзе атруціліся газам і бацькі, і дзеці, — папрасілі дапусціць сваім прадстаўніком адваката Дзмітрыя Усцілку.

sud2_170105-afavw

Кожны з пацярпелых папрасіў спагнаць з РУП «Мінскаблгаз» 50 тысяч рублёў за маральную шкоду. А пенсіянерка Антаніна Мажанава — яшчэ і кампенсаваць ёй 1598 рублёў выдаткаў на пахаванне загінулых.

«Не, мне зусім не прынцыпова, каб іх закрылі», — прызнаў Іван Булай. Мужчына страціў сына, нявестку і двух унукаў. Але ён лічыць, што ў трагедыі вінаватыя не столькі двое слесараў, колькі ўвесь падыход да справы і непасрэдна «Мінскаблгаз».

«Пакуль яшчэ рана казаць пра пакаранне. Цяжка даць ацэнку таму, хто вінаваты. Але ж працы вяліся непасрэдна абвінавачванымі. Хаця і акрамя іх ёсць людзі, якія вінаваты і якія працуюць у гэтай структуры», — ад імя астатніх пацярпелых выказаўся адвакат Усцілка.

Падзеі ў судзе перажываць усім няпроста. Сваякі загінулых трымаліся, хоць і са слязамі на вачах. Але ж жонка аднаго са слесараў проста плакала наўзрыд. Было бачна, што вельмі цяжка і самому мужчыну.

sud4_170105-45lq4

Самі слесары нічога не каментуюць: «Нам нельга размаўляць з прэсай». Але ж адзін з іх прызнаў — лічыць, што з іх проста робяць крайніх. Не хочуць нічога казаць журналістам і іх сваякі.

«Але ж я проста не разумею, за што іх судзяць. Яны ездзілі ці то правяраць абсталяванне, ці то што… І ўсё было нармальна. А потым праз месяц здарылася гэта. І вось іх цяпер робяць вінаватымі», — усё ж расказала маці Аляксандра Чысцякова.

Мужчына 22 гады працуе на «Барысаўгазе», расказала яго маці, з алкаголем праблем не меў ніколі. Працягвае ён працу і па сёння.

«Як думаеце, пасадзяць іх?» — з асцярогай спыталася цётка Аляксандра Чысцякова.

Ёй ніхто нічога не адказаў.

Па версіі следства, слесары неахайна абышліся з газавай калонкай. У канцы снежня падчас праверкі яны не выявілі няспраўнасць і не выправілі яе. У выніку — праз месяц знайшлі 6 трупаў у дзвюх кватэрах.

«Вы разумееце абвінавачанне?» — спытаў суддзя.

«Не», — адказаў Аляксей Лукаш.

«Вінаватым сябе прызнаяце?»

«Не».

Такі ж дыялог адбыўся і з Чысцяковым.

Пасля далі паказанні сваякі загінулых.

Загінулыя Ала Шутко і Міхаіл Булай разам з двума дзецьмі здымалі сваю кватэру ўжо даўно. Газавую калонку набываў сам Міхаіл, прыкладна ў 2006 годзе. Сястра мужчыны распавяла, што незадоўга да трагедыі з калонкай былі пэўныя праблемы:

«Агонь быў нейкі не такі, час ад часу ён згасаў, даводзілася яго запальваць ізноў».

Таксама, сваякі сцвярджаюць: Ала Шутко апошнім часам нярэдка скардзілася ім на галаўны боль і млявасць. Такія ж праблемы былі і ў яе дачкі Паліны.

Затым выслухалі абвінавачаных.

Аляксей Лукаш распавёў, што з усімі патрэбнымі працоўнымі інструкцыямі і нарматыўнымі актамі ён быў азнаёмлены.

У кватэру Міхаіла Булая і Алы Шутко слесар прыехаў 22 снежня 2015 года. Па словах жыхароў, з калонкі капаў нейкі кандэнсат.

«Быў кандэнсат на мікравыключальніку. Я прыбраў вадкасць, усё праверыў — калонка працавала нармальна, падазрэнняў не было аніякіх, — узгадаў Лукаш. — Вузлы таксама праверыў, праверыў потым наяўнасць цягі. Усё было ў парадку».

Ды і сама па сабе праблема была не такой сур’ёзнай, каб адключаць калонку, ці перакрываць газ, падкрэсліў слесар. Па яго словах, пра тое, што агонь час ад часу згасае (як пра гэта кажуць сваякі загінулых) гаспадыня кватэры яму не казала.

Вентыляцыйная рашотка ў кватэры была брудная. Лукаш сцвярджае, што парэкамендаваў гаспадарам яе пачысціць.

sud3_170105-rtsvf

Але ж экспертыза пасля заўважыла, што вузлы і некаторыя іншыя дэталі калонкі былі пакрыты брудам і смеццем. Гэта і было прычынай няспраўнасці прылады і падвышанным выдзяленні чаднага газу, гаворыцца ў абвінавачванні. У сваю чаргу Аляксей Лукаш запэўніў — бруд і смецце на працэс гарэння паўплываць не магло, гэта малаверагодна.

Пасля ён патлумачыў, чаму не прызнае віну:

«Па-першае, на момант праверкі я не меў сумневаў у нармальнай працы калонкі, у наяўнасці нармальнай цягі. Па-другое, каб была цяга ў коміне на момант здарэння, то ўсё б выцягнула з кватэры. А я за гэта — за комін — не нясу адказнасці. Я адказваю за стан газавага абсталявання».

«А вы правяралі цягу проста запальнічкай?» — пацікавіўся суддзя.

«Ну цяпер ужо далі аналізатары чаднага газу… А раней так, запальнічкай. Але я быў упэўнены, што цяга на момант маёй праверкі была нармальнай», — паўтарыў Лукаш.

Але ж пасля некаторых пытанняў адваката стала зразумела, што звычайнай запалкай праверыць тое апракідванне цягі, якое і стала прычынай трагедыі, было проста немагчыма. Для гэтага абавязкова павінен быў быць аналізатар. А іх тады слесарам проста ніхто не выдаваў.

Даў паказанні і другі абвінавачаны — слесар Аляксандр Чысцякоў. Ён быў у той жа кватэры 23 снежня 2015 года, на наступны дзень пасля Лукаша. Яму паведамілі, што «калонка то гарыць, то згасае».

Чысцякоў сцвярджае, што праверыў калонку. Калонка сапраўды не спрацоўвала аўтаматычна пры ўключэнні вады. Але газ пры гэтым не выдзяляўся.

Усё астатняе было ў парадку, запэўніў слесар. Цяга таксама была.

Чысцякоў парэкамендаваў гаспадыні замяніць батарэйкі, каб пачаў спрацоўваць выключальнік. Кожух з прылады ён не здымаў — не было, на яго думку, прычыны.

Пасля ён з’ехаў.

Суддзя пацікавіўся ў слесара — чаму той не прызнае сваю віну?

«Пры апракідванні цягі сам па сабе не спрацоўвае датчык, які адказвае за аўтаматычнае выключэнне. Да таго ж, як пазней стала вядома, у дзень няшчаснага выпадку і вентыляцыя была забітая, і гаспадары былі ў стане алкагольнага ап’янення… А пад алкаголем нельга і да газавай пліты падыходзіць, не тое што да калонкі», — сказаў Чысцякоў.



Калі ласка, дайце нам вашыя каштоўныя каментары

Увайсці з дапамогай: 

Ваш e-mail не будет опубликован.

WP-SpamFree by Pole Position Marketing


Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.