home



На якой мове пішацца гісторыя Барысаўшчыны?
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле Алега Мацкевіча

Пакаленні пакідаюць свой след у гісторыі праз помнікі, знакі, мемарыялы. Якая спадчына рыхтуецца нашчадкам на барысаўскай зямлі? Паглядзім. Падарожжа пачнем з новай часткі Барысава.

Адзін з самых знакамітых гістарычных аб’ектаў Барысава – Батарэі.

Помнік на самым версе Батарэяў на рускай мове. Апісвае падзеі лістапада 1812 г. – «разгрому буйной групоўкі напалеонаўскай арміі рускім войскам». Савецкі стыль апісання падзеяў цалкам адпавядае мове – знак усталяваны ў 1985 г.

Крыху ніжэй на муры замацавана ахоўная шыльда стандартнага ўзору па-беларуску (павевы адраджэнскіх дзевяностых).

У самым нізе Батарэяў бярэ пачатак алея ў гонар 70-годдзя Перамогі. Перамагалі нацызм у складзе антыгітлераўскай кааліцыі беларусы нароўні з іншымі, алею саджалі беларускія хлопцы-ратаўнікі. А шыльда зроблена на рускай мове – у незалежнай сучаснай Беларусі.

Недалёка ад Батарэяў стаіць аскепак яшчэ аднаго помніка. Гэта крыж. У 2006 і 2008 гадах грамадзянскай супольнасцю тут былі ўсталяваныя 2 крыжы: у памяць рэпрэсаваных бальшавікамі ў 30-х гадах і ў гонар Юркі Моніча – антыбальшавіцкага паўстанца. Крыжы былі аздобленыя беларускамоўнымі шыльдачкамі. Такая «самадзейнасць» мясцовай уладзе прыйшлася не па душы і неўзабаве крыжы брутальна спілавалі.

У самым цэнтры Барысава помнік нейкаму невядомаму дзядзьку. Абапіраецца на пастамент з надпісам па-руску грамадзянскім шрыфтам «вся власть совътамъ». Мяркуючы па ўсяму, нехта з бальшавікоў.

З чыгуначнага вакзала гасцей сустракае «Борисов. Орденоносный город». Цікава, ці можна насіць такі ордэн беларускамоўным?

На будынку чыгуначнага вакзала – дзве шыльды. Адна з іх зафіксавала вельмі значную падзею ў бедных на гістарычныя падзеі для Барысаўшчыны 20-х гадах: мімаходзь праехаў нехта М.І.Калінін і заразом памітынгаваў. Мітынгаваў, мабыць, па-руску, таму шыльда таксама па-руску.

Другая шыльда прысвечана змаганню з фашыстоўскай акупацыяй у гады другой сусветнай вайны. Ці былі ў падпольным асяродку беларусы? Былі. Але шыльда ў іх памяць – па-руску.

Памятны знак на тэрыторыі гарадской больніцы. Падыходзім, чытаем…

…у гонар 75-годдзя гэтай самай больніцы. У 2003 г. усталяваны. Так і хочацца спытацца: ад удзячных рускіх пацыентаў?

Галоўная бібліятэка Барысава носіць імя І.Х.Каладзеева. За сваё жыццё ён сабраў багатую гістарычную калекцыю, якая тычылася падзеяў 1812 г. Назбіраў ён, значыць, гэтую калекцыю, і адправіла яе ўдава Каладзеева пасля яго смерці… на радзіму. Шыльда рускаму чалавеку – па-руску, зразумела.

Крыж на тэрыторыі праваслаўнай царквы непадаёк ад перакрыжавання Гагарына і пр. Рэвалюцыі. Падыходзім…

…проста каменны крыж.

 

Бязмоўны помнік безыменным мядзведзям у «городском парке».

Гармата ўзору 1910 г. на тэрыторыі дзяржаўнага аб’яднанага музею. У 1910 г. беларусы гарматы не плавілі, толькі лапці плялі. Пэўна, такой логікай кіраваліся стваральнікі рускамоўнай шыльды.

Помнік «видному советскому партийному и государственному деятелю» Арджанікідзэ. Усім «видным» — выключна па-руску. Заслужылі. Дарэчы, вы не ведаеце, якім чынам спляліся лёсы Барысаўшчыны і Арджанікідзэ? Я таксама.

Адна з самых патэнцыйна небяспечных для наведвання скульптурных кампазіцый, прысвечаных вайне. Мяркуючы па датах на камянях – Вялікай Айчыннай. Размешчана кампазіцыя акурат пад высокавольтнай лініяй электраперадачаў. Бязмоўная. У рэдкіх выпадках выкарыстоўваецца як трэніровачная пляцоўка для будучых альпіністаў.

Помнік экіпажу Паўла Рака танка Т-34. Для барысаўцаў яны – героі…

…але шыльда ў іх гонар – па-руску.

Помнік да 15-годдзя свята Дня беларускага пісьменства, якое прайшло ў Барысаве ў 2008 г. Дзякуй Богу, па-беларуску.

У руках жанчыны-асветніцы – Біблія Скарыны. У тыя часы беларускай не грэбавалі, на ёй пісалі, гаварылі, вучыліся.

Абапал помніка – беларускамоўныя шыльды з назвамі гародоў і датамі правядзення Дзён пісьменства. Усё па-беларуску.

Мемарыяльны скверык па вул. Ганчарнай. Прысвечаны «партийным и советским активистам» 20-х гг. мінулага стагоддзя.

Надпісы на пліце – па-руску.

Помнік нашай зямлячцы Люсе Чалоўскай. Яе імя ведае кожны барысавец. Прыемна, што памяць захоўваецца па-беларуску.

Вул. Сярэбранікава, яна ж – проста Печы, сустракае гарматай з надпісам па-руску.

Пойдзеце далей – і дойдзеце да Алеі Герояў. Усе бюсты военачальнікаў маюць надпісы па-руску.

Далей ідуць даўгія шэрагі Герояў Савецкага Саюзу – усяго 70 воінаў. Усе надпісы зроблены па-руску.

Баявы шлях беларускай вайсковай часткі. Па-руску.

БМП у гонар воінаў-мотастрэлкоў. Я так думаю, што беларускіх воінаў. Для каго тады рускамоўная шыльда?

Танк у гонар воінаў-танкістаў. Беларускіх? Але калі гэты танк разам з пастаментам зацягнуць за Воршу, хто зразумее каму гэты помнік?

Бюст строгаму лысаму мужчыне з бародкай і вусамі насупраць Пячанскага ДК. Хто такі – невядома. Надпісы адсутнічаюць.

На пачатку вуліцы ўсталяваны бюст Аляксандру Сярэбранікаву. Павага і пашана Героям. Але ці не лішні тут моўны піетэт? Ушанаваць можна было б і па-беларуску…

…не, зрабілі па-руску.

Шухаўская вежа недалёка ад Новабарысаўскага рынка. Гістарыка-культурная каштоўнасць…

…ушанавана па-беларуску.

Помнік ахвярам нацызму ў скверы па вул. Чапаева. Тлумачальныя надпісы – па-руску.

Заклік да нашчадкаў – таксама па-руску. У прынцыпе, крок слушны. Бо яшчэ гадоў 50 такой «узважанай» моўнай палітыкі – і нашы ўнукі будуць разумець беларускую не больш, чым хіндзі.

Побач – знак з выявай Зоркі Героя Савецкага Саюзу і памятным надпісам па-руску.

Помнік з барэльефам палкоўніка медслужбы Барысюка І.В. на тэрыторыі вайсковага шпіталя па вул. Шпітальнай (ля Лядзішчаў). Помнік усталяваны некалькі гадоў таму, але надпіс на ім – па-руску.

Стэла ў гонар загінулых савецкіх патрыётаў у гады ВАВ недалёка ад перакрыжавання вуліцаў 50 год БССР і Трусава.

Шыльда на ёй – па-руску.

Вайсковыя могілкі па вул. 8 Сакавіка. Можна сказаць, цэлы мэмарыяльны комплекс, прысвечаны воінам 2-ой сусветнай.

Уздоўж алеі ідуць надмагільныя пліты – усе па-руску.

Скульптура воінам і высокія пліты з іх прозьвішчамі таксама аформлены па-руску.

Толькі на адным з надмагілляў у навейшы час знайшлося месца беларускай мове – шыльда знаёмага ўжо ўзору з стандартным надпісам.

Скульптура каля БелВЭБ-банка на перакрыжаванні Горкага і Гагарына. Проста скульптура. Аблічча двух людзей досыць схэматычнае, таму ні казаць, ні пісаць яны не ўмеюць. Ні па-беларуску, ні па-руску.

Мемарыял загінулым у вайну па вуліцы Шпітальнай.

Па-руску.

Помнік воінам-афганцам па вул. 50 год БССР. Бязмоўны.

Падводзім вынікі.

Калі лічыць колькасць надпісаў на помніках, знаках і шыльдах у новай частцы Барысава, то па-беларуску іх непараўнальна менш. У разы менш. Значыць, беларуская мова выціскаецца не толькі з паўсядзённага ўжытку, яна працягвае выціскацца з гістарычнай памяці.

Працяг будзе…




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.