home



Ідэолагі спрыяць беларускай мове ў Барысаве не збіраюцца (АЎДЫЁ)
© Аддзел інфармацыі Barysau.by
barysaussss

Барысаўскі грамадскі актывіст, юрыст Алег Мацкевіч адстойвае права беларускамоўных барысаўцаў на візуальную прысутнасць беларускай мовы ў жыцці нашага горада. Здавалася б, беларускамоўных жыхароў у Барысаве мала. Навошта гэтае адстойванне? Каму яно патрэбнае?

А яно патрэбнае ў тым ліку і тым, хто мовай з нейкіх прычынаў не карыстаецца, але лічыць яе найвялікшай культурнай каштоўнасцю беларускага народа, якую трэба захоўваць і адраджаць. А такіх людзей, канешне ж, нямала.

З мясцовых і абласных органаў улады юрысту прыходзяць выключна адмоўныя адказы ў выглядзе адпісак. Усе гэтыя адпіскі падобныя адна на адну, мала чым адрозніваюцца і стаяць на варце рускай мовы ў Барысаве. Беларуская мала каго хвалюе, ёй аддазена невялічкая прастора-гета ў паасобных школах, дзе мерапрыемствы адбываюцца збольшага фармальна і часта зацыкленыя на народнай творчасці, мала цікавай сучаснаму чалавеку. Прыкладам нібыта паспяховай папулярызацыі беларускай мовы на Барысаўшчыне можа быць наступны адказ з Мінскага аблвыканкама:

“У Барысаўскім раёне праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць дзяржаўная ўстанова адукацыі «Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава», Новаянчынскі дом фальклору, цэнтр традыцыйнай культуры і іншыя структурныя падраздзяленні дзяржаўнай установы культуры «Раённы цэнтр народнай творчасці», дзе адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца на беларускай мове. Увогуле, ва ўстановах адукацыі і культуры раёна праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на  папулярызацыю беларускай мовы: штогод арганізоўваецца святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, праходзяць акцыі «Гавары са мной па-беларуску» і «Чытаем па-беларуску», выстаўкі, прысвечаныя гісторыі роднага краю, народным звычаям і традыцыям. Рэпертуар аматарскіх калектываў мастацкай творчасці папаўняецца лепшымі ўзорамі беларускага нацыянальнага мастацтва, у бібліятэках сістэматычна праводзяцца агляды і прэзентацыі беларускамоўных выданняў, творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, беларуская мова выкарыстоўваецца ў афармленні нагляднай агітацыі, кніжных выстаў і інш”.

Паток адпісак на законныя патрабаванні беларускамоўных ці беларусацэнтрычных грамадзянаў ёсць вынікам уседазволенасці і беспакаранасці мясцовых чыноўнікаў. Аднак часам здараюцца праколы, калі чыноўнік у афіцыйным адказе дапускае пэўную памылку ці неахайнасць, што, зрэшты, ніяк не ўплывае на сутнасць вырашэння моўнай праблемы. І тут чыноўнік, непакоячыся за наступствы сваёй няўважлівасці, дапускае эмацыйную нотку ў кантакце з няўрымслівым юрыстам. Чыноўнік вымушаны нават выбачацца, што ёсць для іх замкнёнага кола надзвычай неўласцівай практыкай.

І красамоўны прыклад гэтаму знаходзіцца ў размешчаным ніжэй аўдыёфайле. У ім Таццяна Краўчонак, ідэалагічная работніца Мінскага аблвыканкама, выбачаецца за памылку, дапушчаную ў адказе-адпісцы, перад Алегам Мацкевічам. А хай бы лепей замест нічога нявартых выбачэнняў паспрыяла беларусізацыі візуальнай прасторы Барысава. Практычнай карысці было б нашмат болей!

 




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.