home



Як пражыць на 1,3 млн рублёў – барысаўскі штангіст Арамнаў завяршыў кар’еру
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле by.tribuna.com
22.03.2016 Рубрыкі Галоўная навіна,Спорт
Olympic weightlifter Andrei Aramnau adjusts a weight during a training session at a sport base in the town of Bobruisk, some 140 km (87 miles) southeast of Minsk, March 21, 2012. Winning the national championship has convinced Belarussian lifter Aramnau that he has put behind two drink-driving convictions and the resultant two-year ban to be on course for a second Olympic gold. Aramnau's confidence stemmed from his victory in the national championship two months ago with a 400kg lift. The 24-year-old lifter was working overtime to get into shape and was confident of hitting top form in the London Olympics.  Photo taken March 21, 2012.   REUTERS/Vasily Fedosenko (BELARUS - Tags: SPORT OLYMPICS WEIGHTLIFTING) - RTR3272J

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў яшчэ падчас кар’еры быў дастаткова адыёзным чалавекам. Пасля паспяховага Пекіна-2008 ён трапіўся п’яным за рулём, а потым у яго крыві і зусім выявілі спайс. Пры гэтым спартовец пастаянна «паліў» у інтэрв’ю, умела тлумачачы жыццёвыя перыпетыі.

Трэнеры нашых цяжкаатлетаў ужо некалькі разоў казалі, што Арамнаў завязаў са спортам. Зрэшты, гэтыя размовы абвяргаў сам спартсмен. Але ўсё-ткі Андрэй здаўся і выбраў для сябе не самы просты шлях: пасля завяршэння кар’еры Арамнаў працуе дзіцячым трэнерам у спартыўнай школе Барысава. Атлет распавядае Ігару Петрулевічу, што з гэтага атрымалася, ніколькі не саромеючыся ў выразах.

ЧАМУ ЗАВЯШЫЎ КАР’ЕРУ

– Я канчаткова завязаў са спортам. ужо амаль год зусім не займаюся цяжкай атлетыкай. Перада мной паўстаў выбар: альбо стаць інвалідам, або кінуць займацца спортам і перайсці на трэнерскую пасаду. Справа ў тым, што я заўсёды хацеў перасягнуць планку чалавечых магчымасцяў. Імкнуўся да такіх рэкордаў, каб ні адна жывая душа не падступілася. З-за гэтага ў мяне яшчэ здарылася перагрузка арганізма. Плюс трэнеры пастаянна гналі наперад, таму што ад маіх вынікаў залежалі іх зарплаты. Будучы стомленым, часта падводзіў сваё непадрыхтаванае цела да спаборніцтваў. Так сваю неачунялую нагу я траўмаваў восем разоў. У выніку мышца сцягна не вытрымала. Я зрабіў МРТ. Мне паказалі, што адна галава ад чатырохгаловай мышцы на 50 адсоткаў адарваная. Для жыцця мне хапае такога стану. Для заняткаў прафесійным спортам – ні ў якім разе.

Хоць беларускія лекары мне казалі, што можна выступаць. На самай жа справе, трэба было тэрмінова рабіць аперацыю. Я ўсё роўна спрабаваў трэніравацца на гэтай падранай цягліцы. За гэта маіх трэнераў трэба пасадзіць. Толькі ў Маскве, калі быў у сяброў, схадзіў да добрага лекара са сваім МРТ, які спытаў у мяне: «Як ты ўвогуле ходзіш?» Маўляў, з такім здымкам можна інваліднасць ставіць. Зараз гэтая траўма ўжо загаілася. Каб зрабіць аперацыю, трэба ўсю цвёрдую пароду сцягна выразаць. Я вырашыў, што не варта на такое ісьці. У спорце я ўжо ўсё дасягнуў. Пара вучыць іншых.

ЯК СТАЎ ДЗІЦЯЧЫМ ТРЭНЕРАМ

– Мой паўнавартасны пераход ад спартоўца да трэнера яшчэ не адбыўся. Ён адбудзецца ў тым выпадку, калі за сваіх вучняў стану атрымліваць грошы. У нас жа трэба з дзіцём пазаймацца два гады, каб афіцыйна пачаць хоць нешта зарабляць. Цяперашні час – самае складанае.

Але раз я валодаю нейкімі ведамі ў цяжкай атлетыцы, значыць іх трэба перадаць наступнаму пакаленню. Гэта вельмі важна. Шчыра: толькі гэты абавязак і кіруе мной. Я самы сумленны чалавек у краіне, так што можаце верыць мне. Я – патрыёт. Я той чалавек, які можа зрабіць гэты свет лепшым. Праца дзіцячым трэнерам – гэта крыж, які я панясу. Я дастаткова веруючы чалавек, таму адчуваю, што павінен быць карысны менавіта на гэтай пасадзе. Мае бацькі зачалі мяне на Урале, а нарадзіўся я ў Беларусі. Гэта лёс. Значыць, я павінен жыць тут і дапамагаць гэтай краіне. Я шчыра веру ў сваё прызначэнне. Я хачу, каб ні адзін чалавек не паўтарыў мой лёс і не дапусціў маіх памылак. Мне будзе балюча на сэрцы, калі ў старасці ўбачу, як паспяховы спартовец паўтарае мае хібы.

Дадам, што яшчэ вельмі прыемна бачыць вочы дзіцяці, які гарыць жаданнем працаваць. Мне гэта падабаецца. Праца з дзецьмі – гэта заўсёды цікава. Праўда, яны самі не хочуць займацца спортам. Яны любяць мячык паганяць на фізкультуры. А напружвацца і займацца цяжкімі відамі спорту ніхто не хоча. І ў такой сітуацыі паўстае пытанне матывацыі. Таленавітым хлопцам тлумачу, што яны змогуць дасягнуць вялікіх вышынь. Перамогі – галоўная матывацыя.

ШТО РАБІЦЬ І ЯК СТАВІЦЦА ДА ЗАРПЛАТЫ Ў 1,3 МІЛЬЁНА

– Яшчэ завабіць дзіця можна нейкімі грашыма або падарункамі. Але як іх можна даць з заробкам трэнера ў 1,3 мільёна рублёў? Наогул, да гэтай сумы можна ставіцца па-рознаму. Калі малады чалавек адразу пасля ўніверсітэту распачынае трэнерскую дзейнасць, магчыма, ён першыя два гады зможа пазаймацца такой дабрачыннасцю. Тады гэта нармальна. А калі спартовец, які адбыўся, пасля 20 гадоў кар’еры становіцца трэнерам з такім заробкам – гэта зусім няправільна. Улады ў гэтым пытанні нешта відавочна недагледзелі. У нас абсалютна не створаны ўмовы для паступовага пераходу ад спартоўца да трэнера. Тым не менш, многія наважваюцца на такі крок. За гэтую працу такім трэнерам, як я, яшчэ пры жыцці трэба паставіць помнік.

Па сутнасці я гуляю ў рускую рулетку. Прама цяпер атрымліваю за 1,3 млн рублёў. Калі пачну зарабляць больш, аднаму богу вядома. Я толькі спадзяюся на свой вопыт і характар. Напэўна, я такі чалавек, які не шукае лёгкіх шляхоў.

Я ўжо пралічыў перспектывы сваёй дзейнасці. Вось у першы год мне не далі групу дзяцей, а толькі вольныя гадзіны. У мяне наогул толькі паўстаўкі. На другі год працы дадуць некалькі груп, і я змагу атрымаць паўтары стаўкі, а гэта ўжо каля двух з паловай мільёнаў. Пасля двух гадоў працы я пачну атрымліваць нейкія грошы за паспяховыя выступленні сваіх спартоўцаў. У такім выпадку будзе ўжо больш за тры мільёны. А выхаваць чэмпіёна краіны я змагу толькі за пяць гадоў, але тады я дайду да пяці мільёнаў у месяц. Каб навучыць чэмпіёна Еўропы, трэба ўжо гадоў сем. І толькі праз гэты тэрмін я напрацую на заробак, які ледзь вышэй, чым у прыбіральніцы. Гэта мільёнаў шэсць. Я так падумаў, што заробак расце ў геаметрычнай прагрэсіі, дзе кожны год прыносіць дадатковы мільён. Мяне радуе той факт, што праз 40 гадоў працы я змагу атрымліваць цэлых 40 мільёнаў :).

Калі падрыхтую алімпійскага чэмпіёна, скончу з гэтай прафесіяй. Гэта галоўнае і адзінае, што трымае мяне ў школе. На мяне дзяржава выдаткавала шмат сродкаў, каб зрабіць з мяне прафесіянала. Я чалавек з шырокай душой і моцным сумленнем, лічу сваім абавязкам перадаць увесь свой вопыт маладым. Хай гэта неверагодна цяжка. Але калі я ўбачу, што камусьці дапамог, аддаў усе свае веды, то адразу скончу. Я і так намучыўся падчас кар’еры спартсмена. А калі перадам ўсе веды, пайду на будоўлю класці цэглу. Спорт выкраслім са свайго жыцця.

ШТО ЗА ТРЭШ АДБЫВАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСКІМ СПОРЦЕ

– Мяне да слёз засмучае толькі адна рэч. Прафесіяналы абсалютна ніяк не абароненыя. Лёгка можна быць алімпійскім прызёрам і заслужаным чалавекам, але пры гэтым працаваць дворнікам. Гэта прыгнятае. Чаму так адбываецца? Я 20 гадоў даказваў, што ўмею многае ў цяжкай атлетыцы. Навошта мне зараз зноўку ўсё даказваць? Прафесіяналы не абароненыя.

У нас ад таго і ўзнікаюць іншыя праблемы ў спорце. Вось міністрам спорту стаў пажарнік (з 2008-га па 2012-ы Аляксандр Шамко з’яўляўся намеснікам міністра па надзвычайных сітуацыях – заўв Tribuna.com.). Чым ён можа дапамагчы спартоўцам? На спартыўных аб’ектах ведае толькі, як праверыць пажарную сігналізацыю. Як ён можа навесці парадак у зале, калі ён нават не ўяўляе, як павінна быць у прынцыпе? Спорт – гэта спорт. МНС – гэта МНС. Чаму мы змешваем гэтыя паняцці? Калі б на гэтай пасадзе быў спартсмен, ён бы дакладна не развальваў любімае дзецішча. Усім астатнім нас ## ць. Галоўнае, каб быў парадак. Калі шчыра, гэта беларуская тэндэнцыя «парадак вышэй за дасягненні» мяне бесіць. У шкоду развіццю мы ствараем парадак – гэта няправільна. Мне цяжка прыняць такі падыход.

І такіх перагібаў поўна. Вось цяжкаатлет Вадзім Стральцоў стаў чэмпіёнам свету. Ён прыйшоў за узнагародай. Але ў міністэрстве спорту забыліся, што на двары 2016 год і курс даляра роўны 21 тысячу беларускага рубля. Яму аддалі прэмію па курсе 2008 года. Як жа так? Гэта ж поўны сопляў плявок у твар. Лепш бы аблілі бензінам і падпалілі, чым так ставіліся. У нашай краіне сістэма ўзнагароджання кульгае на ўсе ногі, а сістэма штрафаў і пакаранняў крочыць на тры крокі наперад. Гэта раздражняе. Я б рукі адсек таму, хто сочыць за тым, як узнагароджваюць спартоўцаў.

Яшчэ адзін магутны прыклад пра мяне. Я на Алімпійскіх гульнях усталяваў 27 рэкордаў: рэспубліканскія, еўрапейскія, сусветныя, алімпійскія і гэтак далей. Мне заплацілі толькі за рэспубліканскія. А дзе грошы за сусветныя рэкорды? Усе прывыклі, што іх ніхто не б’е? Мне толькі за іх павінны даць мільён даляраў. Але я наогул нічога не ўбачыў. Сэнс імкнуцца да гэтых дасягненняў? І як мне цяпер растлумачыць дзецям, што трэба цягнуцца да рэкордаў?

Вось з-за такой сітуацыі ў дзяцей адсутнічае стымул займацца. Яны паглядзелі, што ў іх трэнера – алімпійскага чэмпіёна – заробак крыху больш за мільён, які і за кар’еру нічога не назапасіў, і падумалі: «На ### [навошта] гэта нам трэба? Пайшлі лепш нюхаць клей». Матывацыі няма. Ніякай.

Калі зараз дзіцяці на спаборніцтве не даваць медаль, ён па-наплявацельску будзе ставіцца да турніру. Мае спартоўцы атрымалі толькі грамату і сказалі: «Такі від спорту, дзе нават медаль не даюць, нам не патрэбны». Неабходны матэрыяльны стымул. Але ў нашай спартшколы элементарна няма грошай на медалі. А трэба хоць неяк матываваць дзяцей да будучых поспехаў. Паказаць, што курс перамогі на чэмпіянаце свету прывязаны, напрыклад, да золата. У такім выпадку я буду паказваць і тлумачыць, што трэба працаваць, бо, стаўшы чэмпіёнам свету, ты будзеш паспяховым і паважаным чалавекам.

Я спасціг такія таямніцы цяжкай атлетыкі, якія ўвогуле ніхто не ведае. Я вось быў не самым моцным чалавекам у школе. Але я адчуў на сабе схему правільнай падрыхтоўкі. А што калі яе ўжыць на сапраўдным Тэрмінатары? Шмат хто хоча, каб я знік са спорту. Але я не збіраюся гэтага рабіць. Трэба падымаць праблемы, гаварыць пра іх і рыхтаваць новых чэмпіёнаў.

НА ШТО ЦЯПЕР НАОГУЛ ЖЫВЕ

– Назапасіць грошай не ўдалося. Мне трэба было марнаваць на сябе. На добрую падрыхтоўку да кожнага чэмпіянату свету я павінен быў выдаткоўваць 10 тысяч даляраў. Іншы раз падрыхтоўка каштавала даражэй, чым узнагароджанне. Утрымліваць цела алімпійскага чэмпіёна вельмі дорага. Я шмат марнаваў на сваё здароўе і харчаванне. У мяне ж элементарна ніколі не хапала ежы. Алімпійскую сталоўку ў Стайках трэба спаліць. Будзе больш сэнсу. Там давалі адзін кавалак мяса і макароны – гэта няправільна. Шмат мяса спартоўцу нельга. Так я дакупляў сабе вітаміны і іншыя неабходныя прадукты.

Зараз я здаю кватэру, якую атрымаў за перамогу на Алімпійскіх гульнях. Першую кватэру атрымаў, адстаяўшы ў чарзе. Дзякуй богу, дзяржава дала месца, дзе жыць. Але існаваць пакуль няма на што. Я хоць неяк быў падрыхтаваны да жыцця пасля спорту. Але я лічу, плаўны пераход ад спартоўца да трэнера наогул немагчымы. Гэта магія і чараўніцтва. Гэта проста нерэальна. Як можна самому пайсці на такую працу, будучы ў цвярозым розуме?




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.