home



Барысаўскія прадпрымальнікі пойдуць у паход на выканкам?
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле Ірыны Дарафейчук, belsat.eu
bor30

Іпэшнікі тут, як зрэшты і па ўсёй краіне, спадзяюцца, што ўлады прыслухаецца да іх на форуме прадпрымальнікаў, які пройдзе 1 лютага ў Мінску.

Тры дні таму Віцебск, пазаўчора – Гомель. Учора Барысаў прыняў эстафету прадпрымальніцкіх сходаў. Больш за дзвесце асобаў сабраліся на гарадскім рынку, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. Мясцовыя прадпрымальнікі хочуць скасавання ўказу нумар 222, або хоць бы спрашчэння працэдуры сертыфікацыі.

«Наш прэзідэнт ездіць па краінах, просіць грошай. У нас на кірмашы – жывыя грошы: бярыце! Усталюйце падаткі, якія лічаце патрэбныя – і мы заробім вам гэтыя грошы», – заяўляюць прадпрымальнікі.
Адгаворкі ўладаў пра тое, што студзень – месяц святаў і адпачынкаў, не апраўдаліся. Месяц заканчваецца, а прадпрымальнікі не вяртаюцца на працоўныя месцы, а хутчэй наадварот.

«Калі не будзе станоўчага рашэння па адмене ўказу, 70–80 % ралетаў, якія прадпрымальнікі паставілі за свае грошы, будуць знесеныя, і будзе пустэча», – кажа Віктар Гарбачоў, прадпрымальнік і актывіст.

Гандляры хочуць працаваць, але разумеюць, што праблема можа развязацца толькі на найвышэйшым узроўні. Палітыкі ж зазначаюць, што актыўнасць прадпрымальнікаў у краіне паступова падвышаецца.

«Сітуацыя вымушае іх нешта рабіць. Бо спадзяванні на тое, што можна яшчэ раз папрасіць улады, каб пайшлі насустрач, знікаюць. І людзі пачынаюць разумець, што трэба абʼядноўвацца, дамагацца сваіх правоў, калі ўлада не хоча ісці насустрач», –кажа намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

У панядзелак грамадскае аб’яднанне «Перспектыва» склікае ў Менску форум прадпрымальнікаў з запрашэннем усіх зацікаўленых ведамстваў краіны.

«Хутчэй за ўсё, калі на форуме 1 лютага станоўчага выніку не будзе – будзе паход на выканкам», – заяўляе Віктар Гарбачоў.
Пакуль жа вынік дзеяння спрэчнага ўказу – нулявы: пустыя рынкі, брак якога-кольвек прыбытку ў прадпрымальнікаў і нулявыя падаткі ў дзяржаўны скарб.




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.