home



Завод БАТЭ і Барысаўскі мясакамбінат – у Топ-25 аўтсайдэраў
© Аддзел інфармацыі Barysau.by
pakrouka_miasakambinat_02

Традыцыйна сярод найгоршых адкрытых акцыянерных таварыстваў – Барысаўскі мясакамбінат. Страты гэтага прадпрыемства ў рублёвым вымярэнні ў ІІІ квартале 2015 года дасягнулі 237,1 млрд. Страты БАТЭ, які знаходзіцца на 10-м месцы антырэйтынга, крыху меншыя – 157,1 млрд.рублёў.

Як паведамляе news.tut.by, Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала фінансавую справаздачнасць беларускіх ААТ па выніках трох кварталаў 2015 года. І лідэры, і аўтсайдэры добра вядомыя: ва ўстойлівым плюсе калійшчыкі і нафтавікі, знізілі з-за расійскай дэвальвацыі прыбытак, але не выпалі з ліку высакапрыбыльных буйныя экспарцёры харчавання. З машынабудаўнікоў у топ-25 трымаецца толькі МЗКЦ – астатнія аўтагіганты устойліва перамясціліся ў лік антылідэраў. Колькасць стратных ААТ па параўнанні з мінулым годам вырасла на траціну – да 677.

Традыцыйна з вялікім адрывам па аб’ёме чыстага прыбытку лідзіруе «Беларуськалій», які павялічыў яе амаль у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – да 10,6 трлн рублёў. На другім месцы апынуўся «Газпром трансгаз Беларусь», дадзеныя аб прыбытку якога ў мінулым годзе былі недаступныя.

У тройцы лідэраў утрымаўся Мазырскі НПЗ, які павялічыў прыбытак на 42,2% – да 3,3 трлн рублёў. А вось другі НПЗ, «Нафтан», які традыцыйна больш працуе на ўнутраны рынак і забяспечвае сыравінай хімічную прамысловасць краіны, прыбытак прыкметна знізіў (мінус 61,8%), апынуўшыся на 6-м месцы.

Усяго з 25 лідэраў топу самых прыбытковых ААТ чысты прыбытак па выніках трох кварталаў знізілі сем кампаній.

З вытворцаў харчовай прадукцыі ў топ-25 увайшлі Агракамбінат «Дзяржынскі», Слуцкі цукрарафінадны камбінат і піўзавод «Аліварыя». Дарэчы, дзяржаўны вытворца піва ААТ “Крыніца” тры квартала змагло скончыць хоць у сціплым, але плюсе – прыбытак склаў 3,7 млрд супраць стратаў у 43,3 млрд за аналагічны перыяд мінулага года.

Як і прагназавала кіраўніцтва, вярнулася ў лік прыбытковых і авіякампанія «Белавія» – яе прыбытак па выніках трох кварталаў склаў 69,5 рублёў (34-е месца), што значна менш за леташні (221,5 млрд рублёў за тры квартала 2014-га).

Большасць машынабудаўнічых грандаў Беларусі працягваюць нарошчваць страты. У пяцёрцы самых стратных ААТ па выніках трох кварталаў – машынабудаўнічыя гіганты “Гомсельмаш”, МАЗ і МТЗ, а таксама БМЗ, на падтрымку якіх дзяржаве ў чэрвені прыйшлося сур’ёзна раскашэліцца.

У топ-25 стратных ААТ, нягледзячы на праведзеную мадэрнізацыю, і два цэментавыя заводы – Крычаўцэментнашыфер (8-е месца) і Краснасельскбудматэрыялы (14-е). Іх страты выраслі практычна ў два разы.




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.