home



У Барысаве судзяць хлопцаў за бел-чырвона-белыя шалікі
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле http://nn.by

Сектар фанатаў Б-12 сышоў учора са стадыёна ў Барысаве падчас матчу нацыянальных зборных Беларусі і Македоніі ў знак пратэсту супраць затрымання фанатаў у шаліках з Пагоняй.

Увесь сектар Б-12 пакінуў матч адборачнага турніру Чэмпіянату Еўропы ў перапынку гульні. Пра гэта са стадыёна паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы». Фанаты зрабілі гэта ў знак пратэсту супраць затрымання трох заўзятараў за шалікі з Пагоняй.

Сектар Б-12 складаюць фанаты нацыянальнай зборнай Беларусі. Ён падтрымлівае беларускіх футбалістаў як дома, гэтак і за мяжой.

На гульні ў Барысаве на сектары прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек.
Жыхара Мінска Змітра Хведарука, а таксама Віталя Буцько і Юрыя (прозвішча называць не хоча) затрымалі за шалікі з Пагоняй на матчы адборачнага турніру Чэмпіяната Еўропы па футболе. Гульня з Македоніяй адбываецца ў Барысаве.
Пра затрыманне паведаміў журналістам «Нашай Нівы» сам Хведарук.

Блогер Матолька напісаў міністру ўнутраных спраў адкрыты ліст з прычыны затрымання заўзятараў на матчы Беларусь — Македонія

Беларускі блогер і актывіст Антон Матолька напісаў адкрыты ліст міністру МУС Ігару Шуневічу адносна затрыманняў фанатаў зборнай Беларусі на ўчорашнім матчы ў Барысаве супраць Македоніі. Нагадаем, што ўчора пяць заўзятараў былі затрыманыя на гульні, у іх былі шалікі з «Пагоняй». Сёння будзе суд.

Сяргей Румас: Адносна затрыманняў фанатаў цяпер разбіраемся з міліцыяй

Кіраўнік АБФФ Сяргей Румас пракаментаваў інфармацыю аб затрыманні пяці беларускіх заўзятараў на матчы супраць Македоніі ў Барысаве.

«Наконт затрыманняў фанатаў цяпер разбіраемся з міліцыяй. У бліжэйшы час прэс-служба выступіць з заявай», — сказаў Румас.

Раней паведамлялася аб тым, што сёння над затрыманымі адбудзецца суд у Барысаве.

Міліцыя: Фанатаў на «Барысаў-арэне» затрымалі не з-за «Пагоні», а з-за лаянкі і непадпарадкавання

Футбольных фанатаў затрымалі не за нашэнне шаліка з нацыянальнай сімволікай, а за лаянку і непадпарадкаванне міліцыі. Пра гэта распавёў кіраўнік прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка.

12 кастрычніка на футбольным стадыёне «Барысаў-Арэна» адбыўся матч кваліфікацыйнага раўнда Еўра-2016 паміж зборнымі Беларусі і Македоніі, на якім былі затрыманыя некалькі футбольных фанатаў. Як паведамілі ў нефармальным беларускамоўным клубе «Б-12», заўзятараў затрымалі з-за шалікаў з выявай гістарычнага герба «Пагоня».

У беларускай федэрацыі футбола выказалі здзіўленне, як сімволіка, не забароненая заканадаўствам, а таксама не ўваходзіць у забароненыя спісы ФІФА і УЕФА, можа служыць падставай для затрымання заўзятараў у ходзе матча. Пытанне ўзяў на кантроль і кіраўнік АБФФ Сяргей Румас.

Версію, што фанаты былі затрыманыя з-за сімволікі, катэгарычна абвяргаюць у міліцыі.

«Падчас перапынку, каля 22:40, трое беларускіх заўзятараў сталі нецэнзурна выказвацца. Яны не рэагавалі на неаднаразовыя заўвагі і патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні», — распавялі ў прэс-службе Мінаблвыканкама.

Паводле яго слоў, заўзятары адмовіліся прайсці ў пакой міліцыі для разбору, і аказалі непадпарадкаванне. Пасля гэтага іх затрымалі і даставілі ў Барысаўскае РУУС.

На трох фанатаў былі складзеныя пратаколы па арт. 17.1 (нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КаАП РБ.

Аляксандр Данільчанка таксама распавёў, што заўзятары ўжо дастаўлены ў суд.

Фота з судовай залі Яўгена Шадко, facebook.com




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.