home



План развіцця Лядзішчаў – усё ж такі для чыноўнікаў, не для людзей (ФОТЫ)
© Аддзел інфармацыі Barysau.by
OLYMPUS DIGITAL CAMERA Фота barysau.by

Сёння ў Барысаве адбылася ўнікальная падзея. На працягу трыццаці хвілін грамадскасці нашага горада былі прадстаўленыя маштабныя праекты развіцця мікрараёна Лядзішча і вуліцы Кавалеўскага. Праўда, грамадскасці на мерапрыемстве амаль не было.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З пятнаццаці прысутных толькі пару чалавек умоўна можна было б аднесці да зацікаўленых жыхароў горада. У астатнім жа гэта былі прадстаўнікі аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама, журналісты і нават сам былы шматразовы старшыня мясцовага райсавета Васіль Бараннік, які сціпла адмоўчваўся напрацягу ўсяго мерапрыемства. І нават сярод двух-трох “выпадковых” прысутных не было аніводнага прадстаўніка Лядзішчаў і вуліцы Кавалеўскага.

Дык для каго было праведзена грамадскае абмеркаванне? Чаму так здарылася, што звычайных людзей на ім не было?

Нязручнае месца – будынак аддзела архітэктуры каля Палаца культуры імя Горкага, а таксама нязручны час – мерапрыемства пачалося ў працоўны дзень а 10-й раніцы, – абсалютна не спрыялі масавасці. І трэба меркаваць, што і месца, і час барысаўскімі чыноўнікамі былі абраныя не проста так. З глыбінным чыноўніцкім сэнсам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

МЕСЦА МЕРАПРЫЕМСТВА – НЯЗРУЧНАЕ

На пытанне пра месца правядзення мерапрыемства прагучаў адказ аб тым, што гэтая справа датычыць не толькі Лядзішчаў і вуліцы Кавалеўскага, але і ўсяго горада. Фармальна, магчыма, і так, а ў рэальнасці можа быць інакш. Напрыклад, спілаванае дрэва ў Лядзішчах можа закрануць найперш жыхароў гэтага мікрараёна, а ўжо ў апошнюю чаргу жыхароў барысаўскага Тарфабалота ці Разуваеўкі. І калі раптам адбудзецца сацыяльны выбух, як гэта было ў нашым горадзе не раз, то жыхары наўрадці будуць пераймацца тым, што грамадскае абмеркаванне, на якім яны не маглі прысутнічаць фізічна, ужо адбылося.

ЧАС МЕРАПРЫЕМСТВА – ДЛЯ ПУСТОЙ ЗАЛІ

А фізічная прысутнасць была абмежаваная таксама, як казалася вышэй, і часам правядзення мерапрыемства – 10 гадзінаў раніцы, 3 чэрвеня, серада. Самы што ні ёсць працоўны час. У гэтым пытанні чыноўнікі аказаліся непахісныя – калі хочаш прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні, не важна – працуеш ты ці не, але час папрысутнічаць знойдзеш. Праўда, з ходу адказаць на гэтае пытанне ім, як аказалася, было даволі скаладана (“нам цяжка адказаць на гэтае пытанне”).

ГРАМАДСКІХ АБМЕРКАВАННЯЎ БУДЗЕ ВЕЛЬМІ МАЛА

Яшчэ адзін непрыемны момант дадзенага грамадскага абмеркавання – гэта тое, што нават такія мерапрыемствы не стануць звычайнай практыкай у Барысаве. Публічныя сустрэчы з чыноўнікамі і зацікаўленымі бакамі будуць магчымыя толькі дзеля буйных гарадскіх праектаў, а вось будаўніцтва, напрыклад, крамы ніхто з жыхарамі абмяркоўваць не збіраецца.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.