home



Другая сусветная вайна. Славутыя і малавядомыя ФОТЫ
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле nn.by
91378515-w4vv0 Фота nn.by

Аб непазбежнасці вайны пачалі казаць у 1938 годзе, хаця тады не ўсе ў гэта верылі. Заходнія палітыкі да апошняга ішлі на саступкі Германіі, баючыся яе саюзу з СССР.

12—13 сакавіка 1938 года адбыўся Аншлюс — уключэнне Аўстрыі ў склад Германіі. Па афіцыйных нямецкіх звестках, у Аўстрыі далучэнне да Германіі ўхваліла 99,75% жыхароў.

1938 год. Троху правей ад цэнтра Аўгуст Ландмэсэр — адзіны, хто не ўскінуў руку ў вітанні Гітлеру падчас візіту апошняга на верф. Ён правёў 2,5 года на катарзе за тое, што быў жанаты з жыдоўкай, загінуў у 1941 у складзе батальёна ўмоўна-датэрміновага звальнення.

1 верасня 1939 года Германія ўводзіць войскі ў Польшчу, пачынаецца Другая сусветная вайна. Згодна з пактам Молатава-Рыбентропа СССР дзеліць з Гітлерам Усходнюю Еўропу.

1 верасня 1939. Немцы ламаюць мяжу між Польшчай і Вольным горадам Данцыгам.

22 верасня 1939. Морыц фон Вікторын, Гейнц Гудэрыян і Сямён Крывашэін прымаюць супольны парад Чырвонай арміі і Вермахта ў Брэсце.

1939. Фінскія лыжнікі на пазіцыі падчас савецка-фінскай вайны. Па выніках вайны СССР адваявала толькі 40 тысяч км² фінскай тэрыторыі, Фінляндыя праявіла гераізм і першай у Еўропе стрымала агрэсара.

Чэрвень 1940. Капітуляцыя Францыі, якая не выстаяла супраць Германіі і двух месяцаў.

24 кастрычніка 1940. Брытанскі механік рыхтуе бомбу для аперацыі супраць італьянцаў, саюзнікаў Гітлера, у Афрыцы.

Нягледзячы на пакт аб ненападзенні, 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР.

22 чэрвеня 1941. Масквічы слухаюць абвестку пра вераломны напад нацыстаў на Савецкі Саюз.

28 чэрвеня 1941. Нямецкім войскам хапіла сямі дзён, каб захапіць Мінск.

Ліпень 1941. Нямецкія салдаты ў Брэсцкай крэпасці, што трымала абарону ў глыбокім тыле нацыстаў да 30 чэрвеня. Апошнія стрэлы ў крэпасці чуліся да канца ліпеня.

1 снежня 1941. Зенітка на даху гатэля «Масква». Немцы так і не ўзялі сталіцу СССР, што заўважна ўмацавала баявы дух Савецкай арміі.

12 ліпеня 1942. Фатограф Макс Альперт зняў палітрука Аляксея Яроменку падчас баёў у Варашылаўскай (цяпер Луганскай) вобласці Украіны.

1942. Апошні яўрэй Вінніцы. Вінніца была занятая немцамі 19 ліпеня 1941 года. Да 22 верасня было знішчана больш за 28 тысяч вязняў вінніцкага гета. Апошнія былі расстраляныя ў 1942 годзе. На фота: кат страляе, мужчына ведае, што гэта смерць, дзясяткі немцаў назіраюць.

1943 год стаў пераломным у ходзе вайны на Усходнім фронце. Савецкія войскі перайшлі ў наступ.

1943, па завяршэнні Сталінградскай бітвы. Дом Паўлава, у якім савецкія войскі трымалі абарону 58 дзён. У Сталінградскай бітве абодва бакі страцілі больш за мільён салдат, яна ёсць найвялікшай на сёння сухапутнай бітвай у гісторыі Зямлі.

Май 1943. Арышт яўрэяў Варшаўскага гета падчас іх адчайнага паўстання. У выніку таго паўстання загінулі каля 7 тысяч чалавек, 5—6 тысяч згарэлі зажыва, 56 тысяч чалавек былі разасланыя па лагерах смерці. Фота са справаздачы Юогена Штропа Генрыху Гімлеру.

1943. Нямецкі салдат гіне на полі бою, Украіна.

Лета 1943, наступ на Курскай дузе — найвялікшая танкавая бітва ў вайне. Па перамозе ў бітве Чырвоная армія канчаткова захапіла ініцыятыву ў вайне.

1943. Мінск, плошча Свабоды, гітлерцы сагналі беларусаў на «мітынг» у сваю падтрымку.

1943. Партызанская брыгада падтрымлівае савецкія войскі ў бітве за Ленінград.

Верасень 1943. Беларускія партызаны. Яны знішчылі каля 45 тысяч нямецкіх вайскоўцаў і 55 тысяч беларускіх калабарантаў і іх блізкіх.

24 кастрычніка 1943. Японцы забіваюць аўстралійца Леапольда Сіфліта ў Новай Гвінеі. У час Новагвінейскай кампаніі ЗША і Аўстралія страцілі па 7 тысяч чалавек кожная, Японія — больш за 200 тысяч.

Студзень 1944. Жыхары Ленінграда радуюцца зняццю блакады, што трывала 872 дні і забрала жыцці соцень тысяч людзей. І Германія, і Савецкі Саюз вялі татальную, бязлітасную вайну. Не было і мовы, каб нацысты дазволілі правоз прадуктаў для жыхароў аточанага горада. У выніку ў першую зіму блакады дзённы рацыён ленінградскіх дзяцей складаў 125 грамаў хлеба на дзень…

Сакавік 1944. Дзіцё побач з забітай матуляй у нацысцкім канцлагеры «Азарычы», Беларусь. Фота: Я. Падшывалаў.

Летам 1944 года распачаліся актыўныя баявыя дзеянні на другім, Заходнім фронце. ЗША, чые салдаты раней аказвалі ваявалі толькі ў Ціхім акіяне і на берагах Міжземнага мора, выслаліся супольна з брытанцамі і канадцамі ў Нармандыі.

6 чэрвеня 1944. Высадка амерыканскіх, брытанскіх і канадскіх войск на пляж Амаха, Францыя. Праз памылку выведкі саюзнікі страцілі ў два разы больш салдат за Германію, але ўсё ж заваявалі важны плацдарм для адкрыцця другога фронту. Пасля гэтага лёс вайны быў вырашаны.

Паміж 1941-1944. Украінскія партызанкі-снайперы з атраду Каўпака.

Паміж 1944 і 1945. Сотнік Украінскай Паўстанцкай Арміі Міраслаў Сіміч (злева) з невядомымі паўстанцамі. УПА ваявала супраць савецкіх партызан, польскай Арміі Краёвай і нямецкіх акупантаў за незалежнасць Украіны. Яна працягвала маштабную антысавецкую барацьбу да 1952 года.

Канец студзеня 1945 года. Войскі I Украінскага фронту звальняюць вязняў Асвенціма. Пад надпісам «Arbeit macht frei» нацысты знішчылі тут каля 1,5 млн чалавек.

15 лютага 1945. Вынік татальнага бамбавання Дрэздэна, ад якога загінулі не менш за 18 тысяч немцаў. Спрэчкі аб неабходнасці маштабнага бамбавання амерыканцамі гэтага транспартнага і прамысловага цэнтру вядуцца дагэтуль. Нацысцкая прапаганда скарысталася бамбардзіроўкай у прапагандысцкіх мэтах, завысіўшы колькасць ахвяр да 200 тысяч, каб мабілізаваць насельніцтва на апошні, безнадзейны супраціў.

23 лютага 1945. Фатограф Джо Разенталь зняў падняцце сцяга ЗША на вяршыні Сурыбаці падчас Бітвы за Іадзіму ў вайне з Японіяй.

Сакавік 1945. Афраамерыканцы збіраюць «велікодныя яйкі для Гітлера» перад бітвай пад Рэмагенам.

Сакавік 1945. 15-гадовы Ганс-Георг Хенке, нямецкі зенітчык, узяты ў палон амерыканцамі. Гітлер пагнаў на фронт Гітлерюгенд…

Красавік 1945. Целы вязняў Бухенвальда — нацысцкага канцлагера, у якім загінула як мінімум 56 тысяч чалавек.

1 мая 1945. Савецкія салдаты ўздымаюць сцяг над Рэйхстагам.

Германія падпісала капітуляцыю 8 мая 1945 года. Навіна аб перамозе дайшла да СССР на наступны дзень, які цяпер адзначаецца як Дзень Перамогі. Але Другая сусветная вайна не скончылася капітуляцыяй Германіі.

9 жніўня 1945. Грыб атамнай бомбы над Нагасакі, Японія. У прамысловым цэнтры Нагасакі ад самога выбуху і яго наступстваў загінула да 140 тысяч чалавек. Пасля бамбардавання і абвяшчэння СССР вайны Японіі, японскі ўрад здаўся.

Фармальная капітуляцыя падпісаная 2 верасня. Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, ці апраўданыя былі атамныя бамбаванні. Адны лічаць, што дэманстрацыя атамнай зброі стрымала Сталіна ад працягу вайны — цяпер ужо для заваявання Заходняй Еўропы. Другія лічаць знішчэнне Хірасімы і Нагасакі недаравальным злачынствам прэзідэнта Трумэна.

15 жніўня 1945. Другая сусветная вайна скончылася. Марак цалуе дзяўчыну на Таймс-Сквер, Нью-Ёрк, ЗША.

Няхай яна ніколі не паўторыцца!



Каментары забароненыя


Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.