home



Юры Станкевіч: Дыскрымінацыі рускамоўных пісьменнікаў у Беларусі няма
Аддзел інфармацыі Barysau.by, паводле nn.by
19.03.2015 Рубрыкі Культура

«Я — не з крыўдлівых людзей, даводзілася знаходзіцца ў розных сітуацыях, ведаю збольшага кошт жыцця, імкнуся пазбягаць усялякіх гучных, пафасных заяў. Таму спакойна патлумачу сваё рашэнне выйсці з сябраў ПЭН-цэнтра», — піша пісьменнік з Барысава Юры Станкевіч.

«Я прыняты туды ў канцы 90-х. Білет падпісаны Васілём Быкавым, які быў старшынёй. ПЭНам кіравалі Карлас Шэрман, Адам Мальдзіс. Пры іх арганізацыя імкнулася прытрымлівацца пісьменніцкага праваабарончага кірунку і нацыянальнай ідэі.

А потым прыйшлі «эпігоны», набылі сяброўства выпадковыя і невыпадковыя людзі, і наступіла непазбежнае. Тое, што адбылося раней з «Крыніцай», Саюзам пісьменнікаў, шэрагам выданняў. Каркас ПЭНа быццам застаўся, а змест змяніўся», — піша Станкевіч.

«Думка аб выхадзе спела даўно, — піша ён. — Днямі кропля перапоўніла шклянку. Мова пра «дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў». Хачу спытаць: калі цяпер у суседняй краіне льецца кроў і гінуць, у тым ліку за сваю родную мову, тысячы змагароў — навошта вы балбочаце пра нейкую «дыскрымінацыю»?

«Двое-трое чалавек вызначылі кланчык, займаюцца самарэкламай, літвандроўкамі па замежжах, цынічна ігнаруючы інтарэсы шараговых сябраў ПЭНа», — крыўдуе Станкевіч.

«Але няхай. Усё гэта часам нават смешна. Не смешна толькі, калі праявілася сутнасць з агучваннем міфічнай «дыскрымінацыі рускамоўных пісьменнікаў». Гэта ў цяперашніх варунках горш і небяспечней за звычайную дурноту.

Са свайго сціплага погляду лічу, што заставацца далей сябрам ПЭН-цэнтра немэтазгодна», — падсумоўвае ён.

Юрый Станкевіч набыў вядомасць сваёй аповесцю «Любіць ноч — права пацукоў». Па прафесіі ён доктар, жыве ў Барысаве.




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.