home



Як выглядае новы барысаўскі аўтавакзал унутры? (ФОТЫ)
© Аддзел інфармацыі Barysau.by
12.03.2015 Рубрыкі Грамадства

Шэраг сацыяльна значных аб’ектаў у Барысаве набылі зусім новы выгляд. Асабліва доўгачаканай падзеяй для жыхароў і гасцей горада стане адкрыццё аўтавакзала.

Барысаўскі аўтавакзал быў пабудаваны яшчэ ў 1982 годзе. За ўвесь гэты час на вакзале праводзіліся толькі работы па касметычным рамонце, якія не былі прыкметныя звычайнаму барысаўцу. Рашэнне аб маштабнай рэканструкцыі будынка вакзала было прынята, калі ўлады і адміністрацыя АП-3 зразумелі, што вакзал ўжо не ў стане прыняць вялікі паток пасажыраў прыгарадных і міжгародніх ліній.

Журналіст «Першага Барысаўскага Партала» vborisove.by падгледзеў за тым, як рыхтуецца да адкрыцця барысаўскі аўтавакзал.

Рэканструкцыя аўтавакзала ў Барысаве падыходзіць да завяршэння. Блізкі той час, калі ён расчыніць свае дзверы перад пасажырамі і парадуе новым абліччам і камфортным інтэр’ерам.

Дзякуючы творчаму падыходу да праектавання спецыялістаў інстытута Барысаўпраект, стары будынак аўтавакзала атрымаў дадатковыя архітэктурныя элементы, што ажыўляюць фасад і сцены вакзала.

Кампанія ЮнібудКалор прыняла актыўны ўдзел у аздабленні інтэр’еру. Крэатыўнымі спецыялістамі кампаніі быў прапанаваны дызайн-праект па дэкарыраванні сцен пасажырскай залы, які пасля шэрагу ўзгадненняў быў зацверджаны і рэалізаваны.

У будынку з’явіўся кафэтэрый на 26 месцаў. Для зручнасці пасажыраў з дзецьмі з’явіцца пакой «Маці і дзіцяці». Такія памяшканні на аўтавакзалах павінны быць абавязкова. Бо людзі прыходзяць па квіткі загадзя і часта не ведаюць, колькі прыйдзецца чакаць патрэбнага аўтобуса.

Інтэр’ер абноўленага Барысаўскага аўтавакзала вырашаны ў светлых крэмава-бэжавых танах. З аднаго боку ён просты і мінімалістычны, з другога – выглядае досыць утульна і лёгка.

«Разыначкай» новага вакзала стане кампазіцыя «Родны горад», якая ўпрыгожвае сцяну другога паверха, плошчай 35 кв.м. Некалькі дзён спатрэбілася Вользе і Дашы, майстрам з залатымі рукамі, на тое, каб стварыць з дапамогай дэкаратыўнай тынкоўкі Desan Эфект Рамантык кампазіцыю «Родны горад».

«Родны горад» гарманічна ўпісаўся ў інтэр’ер, выглядае вельмі прыгожа і святочна, дзякуючы натуральнаму асвятленню, у промнях якога прыкметны найтанчэйшы перламутравы пераліў дэкаратыўнай тынкоўкі.

Трафарэтны малюнак, на якім адлюстраваны абрысы славутасцяў горада Барысава, быў створаны дызайнерам кампаніі ЮнібудКалор Верай Перагудавай.

Выхад на перон для пасажыраў пасля рэканструкцыі не азмрочыць дрэннае надвор’е: кожная платформа (а іх стане больш, чым раней) абсталюецца навесам, куды можна будзе прайсці прама з залы чакання.




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.