home



Барысаўшчына – гэта таксама Малое Палессе (ФОТЫ, ВІДЭА)
© Аддзел інфармацыі Barysau.by

Прэзентацыя краязнаўчага альманаха «Малое Палессе» і грунтоўнага даведніка «Хроніка палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён / Малое Палессе / Друцка-Бярэзінскі край» адбылася сёння, 8 лютага, у сценах Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя І.Каладзеева.

IMG_8261

Што такое Малое Палессе? Якую частку Беларусі яно абыймае? Як тлумачыцца ў адным з выпускаў альманаха, так «навукоўцы-географы называюць лясную частку сучасных Крупскага, Барысаўскага, Лепельскага, Чашніцкага, Талачынскага, Круглянскага, Бярэзінскага і Бялыніцкага раёнаў таму, што сваімі прыроднымі асаблівасцямі яна нагадвае наша Вялікае Палессе».

У гэтых выданнях, якія ёсць плёнам шматгадовай карпатлівай працы няўрымслівага крупскага краязнаўца Андрэя Аляхновіча, можна знайсці і гістарычныя дакументы, датычныя края, і сучасныя ўспаміны пра мінулае, і інтэрпрэтацыі розных вядомых і невядомых фактаў прафесійнымі і непрафесійнымі гісторыкамі, і шматлікія ілюстрацыі. У альманаху назапашаны багаты факталагічны матэрыял не толькі пра суседнюю Крупшчыну, нямала згадак і пра Барысаўшчыну. Напрыклад, у альманаху за 2012 год барысаўскаму чытачу цікава будзе азнаёміцца з артыкулам Нікіпара Баркоўскага «Барысаўскія Курапаты» – пра месца масавых растрэлаў людзей на «чычагаўскіх батарэях» у часы камуністычнага тэрору.

Дарэчы, упершыню альманах рыхтаваўся да друку менавіта ў Барысаве ў 2003-2004 гадах. Выйшла тады ўсяго два выпускі, кожны па 50 асобнікаў. Тры гады таму гэтыя выданні былі пераапублікаваныя пад адной вокладкай, дачакаўшыся якаснай палігарфіі.

IMG_8260

На гэтым фота можна пабачыць, як выглядалі вокладкі першых, «барысаўскіх», выпускаў «Малога Палесся»

На прэзентацыю ў «каладзееўку» прыйшлі пару дзясяткаў барысаўцаў. І гэта прытым, што мерапрыемства нідзе асабліва не рэкламавалася. А гэта значыць, што попыт на сапраўднае, неідэалагізаванае краязнаўства ў нашым горадзе ўсё ж такі ёсць. Ускосна гэта можа пацвердзіць і той факт, што ўсе выпускі альманаха і даведніка «разыйшліся» па руках літаральна за некалькі хвілінаў.

Тым жа, хто прапусціў прэзентацыю, але хацеў бы атрымаць у сваю хатнюю бібліятэку шыкоўныя краязнаўчыя выданні «Малога Палесся», варта звярнуцца непасрэдна да галоўнага рэдактара Андрэя Аляхновіча па электроннай пошце: skaut63@gmail.com.

IMG_8249

Барысаўская цэнтральная бібліятэка атрымала ў свае фонды ўсе краязнаўчыя выданні «Малога Палесся» з рук галоўнага рэдактара Андрэя Аляхновіча

IMG_8235

Адзін з арганізатараў прэзентацыі – галоўны рэдактар краязнаўчай газеты «Гоман Барысаўшчыны» Міхась Мацельскі

IMG_8250

У заключнай частцы прэзентацыі выступіў бард Зміцер Бартосік

IMG_8245

Удзельнікі прэзентацыі разбіраюць выданні «Малога Палесся» як «гарачыя піражкі»

IMG_8244

Андрэй Аляхновіч не толькі аўтар выдатных краязнаўчых тэкстаў, але і захапляльны выступоўца

IMG_8240

IMG_8238




Barysau.by

© 2012 — 2014. Усе правы абаронены.

Пры цытаванні інфармацыі актыўная гіперспасылка на barysau.by абавязковая.

Выкарыстанне матэрыялаў Barysau.by ў камерцыйных мэтах без пісьмовага дазволу рэдакцыі не дазваляецца.

Партнёр — «Першага Барысаўскага Партала».

Aрхіўны сайт Barysau.by.